ВЯЛІ́КІ КАНА́Л
(кіт. Даюньхэ),
суднаходны канал у Кітаі. Важная водная артэрыя краіны; адно са стараж. гідратэхн. збудаванняў. Злучае 2 буйн. парты — Цяньцзінь і Шанхай. Агульная працягласць 1782 км, з адгалінаваннямі ў гарады Ханчжоў, Пекін і Наньтун — 2470 км. Шыр. ад 40 м (правінцыі Шаньдун, Хэбэй) да 3500 м (Шанхай). Глыб. на фарватэры 2—3 м; 21 шлюз. Перасякае рэкі Хуанхэ і Янцзы, уключае натуральныя водныя шляхі (рэчышчы рэк і азёры). Складаецца з некалькіх участкаў: паўднёвы пабудаваны ў 7 ст., паўночны — у 13 ст., частка цэнтр. ўчастка (ад г. Хуайінь да г. Цзянду) праходзіць па канале Ханьгоў. Рэканструяваны ў 1961—62 і 1982—83.
т. 4, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)